|
Калi няма патрэбы тлумачыць, што такое цяпер, бо ўсе яго ведаюць, то слова зараз, думаецца, якраз мае патрэбу ў вытлумачэннi. Яго цяпер трэба проста ратаваць. I зараз скажу чаму.
У гэтага слова вельмi часта адбiраюць яго ўласнае значэнне i выдаюць яго за слова цяпер (а дакладней: за адпаведнiк рускаму «сейчас»).
А мiж тым у слова зараз здаўна ёсць свая адметная моўная служба – казаць пра тое, што мае адбыцца вось-вось, неўзабаве, праз пэўны i няпэўны, але нейкi вельмi блiзкi час (секунда, хвiлiна, 15 хвiлiн, паўгадзiны).
Для аматараў рэдкiх слоў прыгадаю тут цяпер амаль забытае ў нас слова квадранец, аднак занатаванае «Слоўнiкам» I. Насовiча (у значэннi: чвэрць (чвэртка) гадзiны).
А што – няблага гучыць, напрыклад: квадранец на першую (пятнаццаць хвiлiн на першую)...
Гэтае наша слова мае сваiх пабрацiмаў ва ўкраiнскай мове, у польскай. Праўда, у сучаснай польскай мове шырокаўжывальнае квадранс. Дарэчы, яно якраз дакладна i называе лацiнскага продка (квадрас – чвэрць), адкуль бярэ пачатак беларускi квадранец i ўкраiнскi квадранець. (Тут варта ўспомнiць яшчэ i слова квадра – кожная з чатырох фаз Месяца: маладзiк, падпоўнiк, поўнiк (поўня), ветах.)
Але, прашу прабачыць, я занадта адхiлiўся ўбок. Гаворка ж iдзе пра слова зараз.
Дык запомнiм назаўсёды. Слова зараз абавязкова мае на ўвазе будучы час. Таму i ўжываецца яно з дзеясловамi будучага часу: зараз скажу, прачытаю, напiшу...
А стаць пры дзеясловах цяперашняга часу яно можа толькi тады, калi гэтыя дзеясловы ўжыты ў значэннi будучага: зараз iду – значыць: зараз пайду. Але ўжо ў часе самой хады нельга сказаць: я зараз iду, трэба: я цяпер iду.
Мне ўжо даводзiлася пiсаць пра слова зараз гадоў семнаццаць таму. Але тады я яшчэ не ведаў, што пра яго ўжо ў канцы дваццатых гадоў мiнулага стагоддзя рупiўся наш таленавiты празаiк Лукаш Калюга, маладое жыццё якога абарваў жахлiвы трыццаць сёмы i спадчына якога была выведзена з лiтаратурнага ўжытку на працягу паўстагоддзя.
Яго том «Творы» (Мн., «Мастацкая лiтаратура», 1992 г.), так пiльна i дбайна падрыхтаваны вядомым лiтаратуразнаўцам i празаiкам Яўгенам Лецкам i дзе ёсць нататка пра слова зараз, тады яшчэ не выйшаў.
Дык вось аўтарытэтнае адтуль сведчанне Лукаша Калюгi, пазначанае: «вёска Скварцы каля Койданава, на Мiншчыне»: «...на вёсках, як у нашым раёне, так i ў другiх: ад сялян Магiлёўшчыны, Вiцебшчыны, Случчыны, з якiмi мне даводзiлася сустракацца, я нi разу не чуў слова «зараз» у цяперашнiм часе (гэта слова ўжываецца толькi ў будучым часе)».
Дык давайма зараз правiльна ўжываць цяпер i зараз!
Автор: Анатоль КЛЫШКА, «Звязда».
|